СТАТЫСТЫ́ЧНЫЯ ПУБЛІКА́ЦЫІ,
зборнікі і інш. статыстычныя публікацыі, якія выдаюцца органамі дзярж. кіравання або недзярж. арг-цыямі. Адрозніваюць міжнар. С.п. (ААН, Еўрастата, Статкамітэта СНД і інш.) і нац. выданні дзярж. стат. органаў. У Расійскай імперыі сістэм. С.п. пачаліся ў 1866. У 1870 выдадзены «Працы Мінскага губернскага статыстычнага камітэта», у 1872 — «Працы Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта» і інш. Першы стат. зборнік у СССР апублікаваны ў 1924, у БССР — у 1925. Мін-ва статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь штогод выдае больш за 30 стат. зборнікаў. Найб. поўна сац.-эканам. стан рэспублікі адлюстроўваецца ў «Статыстычным штогодніку Рэспублікі Беларусь» і ў выданні «Рэспубліка Беларусь у лічбах». Штогод выдаюцца таксама тэматычныя зборнікі па асобных галінах: «Прамысловасць Рэспублікі Беларусь», «Аграпрамысловы комплекс Рэспублікі Беларусь», «Транспарт і сувязь Рэспублікі Беларусь», «Навука Рэспублікі Беларусь», «Рознічны гандаль Рэспублікі Беларусь», «Навакольнае асяроддзе і прыродныя рэсурсы Рэспублікі Беларусь», «Платныя паслугі насельніцтву Рэспублікі Беларусь», «Грашовыя даходы і расходы насельніцтва Рэспублікі Беларусь», «Нацыянальныя рахункі Рэспублікі Беларусь» і інш. Штомесяц стат. інфармацыя пра работу нар. гаспадаркі, знешні гандаль, занятасць насельніцтва, аплату працы, цэны і тарыфы, інвестыцыі, спажывецкі рахунак друкуецца ў «Статыстычным бюлетэні» і дакладзе «Аб рабоце народнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь».
Т.Р.Гайдукевіч.
т. 15, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)